СТРАБАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
дэманстрацыйныя ці кантрольна-вымяральныя прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на страбаскапічным эфекце. Прызначаны для назірання хуткіх вярчальных або вагальных рухаў цела. Даюць магчымасць вымяраць скорасць аб’екта без мех. кантакту з ім.
Бываюць оптыка-мех., эл.-аптычныя, электронныя і інш. У оптыка-мех. С.п. (стробатахометраў) перыяд. перарыванне святла ажыццяўляецца абтуратарам, у эл.-аптычных — аптычнымі затворамі, прынцып дзеяння якіх заснаваны. напр., на Кера эфекце, у электронных — імпульснымі крыніцамі святла, якімі кіруюць з дапамогай спец. генератараў. Пры даследаваннях перыяд. электронных працэсаў карыстаюцца асцылаграфічнымі С.п., стробарэзананснымі гальванометрамі і інш. Існуюць С.п., якія працуюць у інш. дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення. Напр., для назірання за работай клапанаў сэрца карыстаюцца рэнтгена-імпульснымі С.п.
т. 15, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)